АБ’ЯДНА́НЫ ІНСТЫТУ́Т ЭНЕРГЕТЫ́ЧНЫХ І Я́ДЗЕРНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ «СО́СНЫ» Нацыянальнай АН Беларусі.
Створаны ў 2002 у пас. Сосны пад Мінскам. Ў склад яго ўвайшлі Цэнтр ядзерных тэхналогій «Сосны», Інстытут праблем энергетыкі, Інстытут радыяцыйных фізіка-хімічных праблем, Інстытут радыеэкалагічных праблем, інж.-тэхн. прадпрыемства «ІТЦ—Сосны».
Асн. навук. кірункі: энергапланаванне, энергет. бяспека; выкарыстанне другасных энергарэсурсаў, тэхналогія і стратэгія выкарыстання нетрадыц. і аднаўляльных крыніц энергіі, у т. л. на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях; стварэнне тэорыі, метадаў і сродкаў забеспячэння радыяцыйна-экалагічнай бяспекі насельніцтва пры аварыях і тэхнагенных катастрофах; распрацоўка ядз. рэактараў з шаравымі мікрацвэламі, забеспячэнне надзейнасці АЭС новага пакалення; даследаванні па фізіцы і хіміі ўзаемадзеяння выпрамянення з рэчывам, ядз. фізіцы і радыяцыйных тэхналогіях. У ін-це 23 лабараторыі, аспірантура, дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый. Вынікі даследаванняў: створаны доследны ўзор перасоўнай атамнай станцыі «Памір-630Д», спраектавана АЭС магутнасцю 300 МВт з рэактарам на хуткіх нейтронах, што ахаладжаюцца нітрынам (БРІГ-300); распрацавана фіз.-матэм. забеспячэнне праектавання рэактараў высокай і звышвысокай удзельнай магутнасці на аснове шаравых мікрацвэлаў; створаны Нац. эталон адзінак вымярэння колькасці цеплаты; аўтаматызаваныя сістэмы прамяністага забеспячэння тэмпературных умоў у лячэбных установах і цэхах прыладабуд. прадпрыемстваў; кампактныя катлы-утылізатары для выкарыстання скідавага цяпла прамысл. прадпрыемстваў. Распрацавана канцэпцыя энергет. бяспекі Рэспублікі Беларусь і навук. асновы нац. стратэгіі абыходжання з радыеактыўнымі адходамі. У ін-це працавалі акад. Нац. АН Беларусі А.К.Красін (заснавальнік Ін-та ядз. энергетыкі), А.А.Міхалевіч, чл.-кар. Нац. АН Беларусі Г.Дз.Карпенка, Л.І.Калыхан, В.Б.Несцярэнка, І.І.Саламатаў.
В.П.Колас.
т. 18, кн. 1, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)